Экалогія бяз межаў
26 кастрычніка юныя даследчыкі з установаў адукацыі Смаргонскага раёна прынялі ўдзел у раённай навукова-практычнай канферэнцыі даследчых работ навучэнцаў 9-11 класаў “Экалогія бяз межаў”.
Нягледзячы на тое, што навучэнцы робяць толькі першыя крокі ў навуку, яны ўжо імкнуцца закранаць вельмі важныя экалагічныя праблемы свайго раёна. Тэматыка прадстаўленых работ была рознай: навучэнцы вывучалі небяспечныя расліны ва ўстановах адукацыі, даследвалі стан воднай экасістэмы свайго раёна, вывучалі папуляцыю раслін, занесеных у Чырвоную кнігу. Дзяўчаты-эколагі з дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія г. Смаргоні” паведамілі аб тым, як эканоміць ваду пры вырошчванні комнатных раслін з выкарыстаннем гідрагелю, і расказалі аб тым, як яны вывучалі жыццядзейнасць аіста белага на тэрыторыі Смаргонскага раёна. Вельмі змястоўным і цікавым аказалася выступленне пераможцы канферэнцыі Шунько Дзмітрыя, навучэнца дзяржаўнай установы адукацыі “ВПК Сінькоўскі яслі-сад-базавая школа”, які расказаў аб тым, як атрымаць біягаз і біяўдабрэнні з арганічных адходаў ва ўмовах малой дапаможнай гаспадаркі.
Пераможцы раённай канферэнцыі будуць прадстаўляць свае работы на абласной навукова-практычнай канферэнцыі, якая адбудзецца ў лістападзе ў Гродзенскім дзяржаўным эколага-біялагічным цэнтры.