«Галасы гісторыі»
6 сакавіка адбыўся раённы этап Х абласнога краязнаўчага конкурсу “Галасы гісторыі”. Арганізатары мерапрыемства – упраўленне адукацыі Смаргонскага раённага выканаўчага камітэта, дзяржаўная ўстанова адукацыі «Смаргонскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі».
Мэтай дадзенага конкурсу з’яўляецца фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці, уменняў і навыкаў захавання гістарычнай памяці.
У конкурсе прынялі ўдзел 14 каманд агульнаадукацыйных устаноў раёна. Конкурс складаўся з трох частак. Першая – віктарына «Гродзенская губерня», у якой прадстаўнікам каманд было неабходна за 30 хвілін адказаць на 25 пытанняў. Другая частка конкурсу праходзіла ў выглядзе імправізаванай экскурсіі з адлюстраваннем падзей Першай сусветнай вайны. У трэцяй частцы – “Гістарычныя сядзібы” – было неабходна адлюстраваць асноўныя звесткі з гісторыі забудовы, карыстаючыся сродкамі тэатралізаціі, мультэмедыйнага паказу.
У выніку пераможцам конкурсу стала каманда дзяржаўнай установы адукацыі «Вучэбна-педагагічны комплекс Крэўскі яслі-сад – сярэдняя школа». Каманда прадставіць Смаргонскі раён на абласным конкурсе, які пройдзе 16 сакавіка 2019 года ў горадзе Гродна.