Лета ў «Берандзеі». Сцежкамі бацькаўшчыны.
Вандроўкі, падарожжы… Дзякуючы ім ішло развіццё чалавецтва. Падарожжа дае чалавеку магчымасць не толькі пашыраць кругагляд, займець новых знаёмых, але адпачыць ад штодзённасці і атрымаць зарад бадзёрасці.
Не выпадкова дні, праведзеныя ў падарожжах, захоўваюцца ў нашай памяці як самыя шчаслівыя, і туды мы вяртаемся ў сваіх думках і аповядах. А калі падарожнічаць па родным краі і любай Беларусі – гэта ўдвая прыемна. Менавіта таму ў ліпені 40 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 10 да 17 гадоў вырашылі правесці незабыўныя дні ў палатачным турыстска-краязнаўчым лагеры «Берандзей». У склад 3-х груп увайшлі гурткоўцы Смаргонскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і навучэнцы школ раёна.
На працягу 9-ці дзён юныя вандроўнікі прайшлі рознымі маршрутамі роднага края. Група гісторыкаў-падарожнікаў, пад кіраўніцтвам Вольгі Белячыц і Вадзіма Ануфрыева пабывала на азёрах Тушча і Свір, наведалася ў горад Брэст.
Групы, якія апякалі Аляксандр Буко, Віктар Тухто, Яўген Дзевяцень і Наталля Шасцеракова прайшлі ад Смаргоні да в.Вайнідзеняты з наведваннем мемарыяла памяці ахвяр і салдат Першай сусветнай вайны, мемарыяла «Пераправа», пабывалі ў в. Чарняты, дзе захаваліся абарончыя умацаванні часоў Першай сусветнай вайны. На працягу 9-ці дзён дзеці атрымлівалі практычныя навыкі па тэхніцы турызма, арыентаванню на мясцовасці, выкарыстанню турыстскага рыштунка. Заняткі на скаладроме, турыстская паласа перашкод, майстар-классы ад бывалых турыстаў – усё гэта чакала ўдзельнікаў лагера.
Але самым запамінальным сталі падрыхтоўчыя заняткі на байдарках і наведванне г.Мінска, атракцыёнаў у парку Чалюскінцаў. Акрамя паходаў, экскурсій і практычных заняткаў па краязнаўству і турызму дзяцей чакалі розныя прыгоды, конкурсы і спаборніцтвы: сустрэча з Берандзеем, пасвячэнне ў “берандзята”, начное арыентаванне, футбол, жартоўны піянербол, шашкі, армрэстлінг, дартс, “Форт Баяр па берандзейскі”, скаутскія і турыстскія гульні, песні ля вогнішча. Хутка праляцелі дні, праведзеныя ў лагеры. Шмат цікавага і карыснага даведаліся дзеці. У сумеснай працы, у агульных перажываннях паходных падзей нарадзіліся сяброўская падтрымка і ўзаемадапамога.
Турызм і краязнаўства – справа клапатлівая, а часам і рызыковая. Але менавіта яны пазбаўлены славеснасці, кніжнасці і падмацаваны асабістым вопытам дзяцей, а значыць даюць жаданы вынік. А наперадзе нас чакаюць новыя вандроўкі па краіне.
Аляксандр Буко,
дырэктар палатачнага турыстска - краязнаўчага лагера “Берандзей”,
метадыст аддзела турыстска-краязнаўчай работы ДУА “Смаргонскі РЦТДМ”